четверг, 23 декабря 2021 г.

LAIBACH: «МЫ ЁСЦЬ ЧАС!»


Вітаю з беларускіх балотаў, славянскія браты. Традыцыйнае пытанне на пачатку інтэрв'ю – што ведаеце пра Беларусь апроч клішэ кшталту апошняй дыктатуры?

Мы хутчэй за ўсё ведаем больш, чым здаецца. Людзі і краіны ва ўсім свеце - і асабліва ў Еўропе - не настолькі розныя і ўнікальныя, як ім хацелася б думаць. Акрамя таго, мы ўжо выступалі ў Беларусі ў снежні 1994 года ў Палацы Прафсаюзаў, правёўшы ў Мінску некалькі зімовых дзён, якія былі даволі насычанымі і натхняльнымі. Так што мы ведаем больш за многіх людзей, нага якіх ніколі не ступала на беларускую зямлю. Беларусь шмат у чым падобная на Расію, якой яна была прыкладна два дзесяцігоддзі таму, за выключэннем таго, што Беларусь бялейшая, крыху больш светлае адценне шэрага.     

Нашыя палітычныя падзеі апошняга часу нагадваюць сафары…

Усё так, але ў гэтых адносінах беларуская міліцыя дакладна нічым не адрозніваецца ад паліцыі Расіі, Славеніі, Францыі ці ЗША. Паліцыя па вызначэнні ва ўсім свеце служыць кіруючаму рэжыму і абараняе яго, ужываючы часам больш, часам менш жорсткія метады. Але, у прынцыпе, гэта і ёсць задача паліцыі, і датуль, пакуль ім своечасова плацяць, наўрад ці можна спадзявацца на тое, што яна будзе дзейнічаць па-іншаму.  

Якой вы запомнілі постсавецкую Беларусь, па якой гастраліравалі ў 1994 годзе? Дарэчы, гэта адбылося праз некалькі месяцаў пасля дэбюту ва ўладзе крэпкага гаспадарчага, які займаў на той момант пасаду старшыні калгаса, Аляксандра Лукашэнкi.

Так, прэзідэнт Лукашэнка ўжо быў ва ўладзе ў 1994 годзе, калі мы ўпершыню выступілі ў вашай краіне. Нам сказалі, што ён прыйшоў да ўлады пасля дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў у ліпені таго ж года. Мы памятаем, што прыехалі ў Мінск раніцай, каля 6 гадзін, на цягніку з Масквы, снежным і халодным зімовым днём. Крыху стаміліся ад пераездаў і ўсёй гэтай мітусні, бо двума днямі раней быў важны канцэрт у Маскве і прэс-канферэнцыя са шматлікімі журналістамі і СМІ, якія яго асвятлялі. Калі прыбылі ў Мінск, нас зноў чакалі рэпарцёры і камеры, хаця мы насамрэч не чакалі гэтага ў такую рань. Акрамя таго, прамоўтар хацеў адвезці нас усіх адразу з цягніка ў саўну, што было ў прынцыпе ідэяй нядрэннай, але мы, тым не менш, вырашылі спачатку адпачыць. Мы спыніліся ў гатэлі IBB, пабудаваным і аформленым у стылі Казіміра Малевіча, які падаўся нам абсалютна цудоўным. Мы таксама памятаем гледачоў на канцэрце, многія былі ў мехавых футрах, і, магчыма, чакалі крыху іншага шоў, чым якое мы зладзілі. Нягледзячы ні на што, нам удалося выжыць падчас гэтага гістарычнага канцэрта, пасля чаго некаторыя з нас хадзілі ў сауну, пілі гарэлку і рабілі ўсё астатняе, што звязана з падобным баўленнем часу. Увогуле, мы вельмі добра правялі час у Менску пры ўладзе Лукашэнкі. Было б выдатна паўтарыць гэта. Пры Вялікім Лідары ці пасля яго.

Паўночнакарэйскія гастролі будуць разглядацца як моцны пункт у вашым рэзюмэ пры атрыманні афіцыйнага дазволу на выдачу абавязковага гастрольнага пасведчання з боку беларускага Міністэрства Культуры.

І гэта добра, інакш усе гэтыя жудасныя рок, метал і тэхна-гурты з Захаду і Усходу проста каланізавалі б вашу краіну. У любым выпадку - па нашым досведзе, заехаць і адправіцца ў тур па ЗША цяпер складаней, чым па Паўночнай Карэі, таму мы мяркуем, што маглі б выступіць у Беларусі, калі б атрымалі адпаведнае запрашэнне з вашай краіны. Мы едзем кудысьці толькі ў тым выпадку, калі нас туды запрашаюць і жадаюць там бачыць.  

Ці звязваліся з вамі беларускія прамоўтары пасля эпахальнага канцэрта LAIBACH у Пхеньяне?

Наколькі нам вядома, не.

У апошні час вакол імя LAIBACH пачаўся рух. Альбом-трыб'ют Reforma ад славенскага гурта NOCTIFERIA, перавыданні, новыя відэаролікі...

Так, у LAIBACH заўсёды нешта адбываецца. Мы працуем над мноствам розных праектаў і матэрыялаў.

Раскажыце пра стаўленне LAIBACH да дзяцей - наколькі апраўданым вы лічыце прыцягванне нявінных дзіцячых душ пры рэалізацыі ўласных мастацкіх задач?

Нам падабаецца працаваць з дзецьмі гэтак жа, як ім падабаецца працаваць з намі. Мы шмат чаму вучымся адзін у аднаго, і аднаго гэтага ўжо дастаткова, каб апраўдаць момант эксплуатацыі. Мы шчыра любiм дзяцей, нават тады, калі яны становяцца не такімі ўжо нявіннымі.


Калісьці вы сцвярджалі, што RAMMSTEIN — гэта LAIBACH для дзяцей, а LAIBACH - RAMMSTEIN для дарослых. Шмат гадоў мінула. А вы чулі, што некаторыя са згаданых тады дзяцей (сённяшнія паўналетнія прыхільнікі RAMMSTEIN) атрымалі цалкам рэальныя турэмныя тэрміны за рэпост у расійскіх сацыяльных сетках ролікаў немцаў, якія ўтрымліваюць далікатны кантэнт?

Не, мы пра гэта не ведалі, аднак, ведаючы RAMMSTEIN і расійскую аўдыторыю, мы можам сабе гэта ўявіць. Надзвычай пампезныя цыркавыя шоў RAMMSTEIN могуць быць вельмі пераканаўчымі, а іх прыхільнікі, верагодней за ўсё, вельмі наіўныя і вельмі ўспрымальныя. Нічога падобнага не можа адбыцца з нашай аўдыторыяй, паколькі мы трымаем яе на адлегласці, але ў той жа час - на кароткім ланцужку.

Мне зусім нецікавы сучасны RAMMSTEIN, але цікавы актуальны культурны парадак дня ў вашым штабе. Лічбавая сучасная рэльнасць і даступнасць высакахуткаснага інтэрнэту прадэманстравалі, што пераважнай большасці грамадзян бліжэйшыя больш нізкія тэмы, чым вывучэнне аўтэнтычных старажытных тэкстаў, якія спрыяюць духоўнаму росту.

Калі мы чуем слова "культура", то звычайна хапаемся за рэвальверы! Культура стала залішне кадыфікаванай сацыяльнай нормай, у той час як сутнасць нашай працы заключаецца ў парушэнні сацыяльных нормаў. Духоўная позва - гэта цікавейшая тэма. Мы разумеем яе як "дух часу", унікальны дух або "прывід" часу, які адрознівае яе ад усіх іншых эпох. Дух часу сапраўды існуе, ён вызначае нас, але ў нас саміх ёсць праблемы з яго вызначэннем, таму што, як толькі мы гэта робім - калі мы гэта робім, - ён знікае і зноў муціруе ў нешта іншае, што толькі пацвярджае той факт, што праўдзівы дух эпохі не можа быць вядомы, пакуль яна не скончыцца. Гэта тая парадыгма, на прыкладзе якой LAIBACH шмат чаму вучыцца, - пачуццё небяспекі і адчуванне выслізгвання часу ("злаві мяне, калі зможаш"), якi цалкам з'ехаў з глузду. Менавіта таму МЫ ЁСЦЬ ЧАС!


Якое ваша стаўленне да так званай вакцынацыі ад так званага каранаванага віруса?

Як дзеці камунізму, мы ўжо былі прышчэплены ад усіх відаў вірусаў і хвароб яшчэ ў той момант, калі Адзіны Свет яшчэ не быў глабальнай медыя-вёскай – і мы выжылі, таму з нашага боку было б неразумна, калі б мы зараз сталі падтрымліваць у асноўным фальшывыя тэорыі змовы, якія спрыяюць распаўсюджванню непрымання вакцын ад каранавіруса. Гэта проста не ў нашым стылі.

Што думаеце аб наначыпізацыі, 5G, ідэях Дэвіда Айка?

Нам падабаецца чытаць тэорыі Дэвіда Айка гэтак жа, як нам падабаецца чытаць добрыя антыўтапічныя раманы ці глядзець навукова-фантастычныя фільмы, але мы не можам прымаць іх на веру. Большасць з гэтых тэорый (наначыпізацыя, 5G і г.д.) ужо былі развянчаныя як ілжывыя, але як ідэi яны, вядома ж, усё яшчэ вельмі прывабныя і займальныя.


У мяне на паліцы выявіўся CD з вашым саўндтрэкам да кінастужкі "Жалезнае неба". Якая з частак гэтага фільма вам спадабалася больш?

Нам падабаецца рэжысёр Цімо Вуарэнсола - ён выбітная асоба. І абедзве часткі яго "Жалезнага неба" на самай справе напоўненыя выдатнымі ідэямі і гумарам. Ну і саўндтрэк, вядома ж, таксама выдатны…

Наколькі моцна, на ваш погляд, змяніўся NSK з моманту яго заснавання ў 1984 годзе?

Каб адказаць на гэтае пытанне, нам спачатку трэба растлумачыць некаторыя моманты - калісьці ў гістарычным мінулым існавала аб'яднанне NSK (Neue Slowenische Kunst - ням. Новае Славенскае Мастацтва), а цяпер існуе дзяржава NSK. Арганізацыя Neue Slowenische Kunst і дзяржава NSK - гэта зусім не адно і тое ж. Гэта зусім розныя паняцці і ідэі. LAIBACH пачаў сваю дзейнасць у 1980 годзе, а арганізацыя NSK была створаная ў 1984 годзе з прычыны таго, што LAIBACH быў забаронены (у 1983-1987 гадах), а таксама з-за таго, што было шмат людзей з розных медыйных сфер, якія хацелі працаваць з LAIBACH. Таму мы вырашылі стварыць свайго кшталту пашыраны LAIBACH, які складаецца з розных груп, якія спецыялізуюцца на тэатры, мастацтве, дызайне, архітэктуры, філасофіі і г.д. у рамках аднаго вялікага калектыва, заснаванага ў асноўным на ідэях і эстэтыцы, заяўленых у апублікаваным у 1982 годзе маніфесце LAIBACH. Палітычная і культурная сітуацыя ў Югаславіі стварыла ідэальныя перадумовы для ўзнікнення гэтага руху. Арганізацыя NSK паспяхова функцыянавала ў перыяд з 1984 па 1992 год, пасля чаго яна пачала распадацца як утварэнне і, нарэшце, спыніла сваё існаванне. Пры гэтым абвясціўшы ў якасці свайго заключнага акта канстытуцыю дзяржавы NSK - віртуальнай дзяржавы (у часе або стане свядомасці, без межаў і без фізічнай тэрыторыі), якая кіруецца напрамую тысячамі грамадзян з усяго свету. З'яўляючыся аднымі з першапачатковых стваральнікаў дзяржавы, мы, LAIBACH, па-ранейшаму ў цэлым падтрымліваем яе ідэю, але для актыўнага развіцця патэнцыялу дадзенага ўтапічнага праекта LAIBACH вырашылі таксама стварыць партыю Spectre (англ. прывід, благое прадвесце, пагроза), але не з мэтай замены дзяржавы NSK, а для стварэння магчымасці сінхранізацыі міжнароднага руху і сеткі, члены якой будуць крытычна і больш актыўна ўзаемадзейнічаць у культурных, палітычных і сацыяльных пытаннях на мясцовым і міжнародным узроўнях. У адрозненне ад дзяржавы NSK, якая была створана ў якасці дэмакратычнага эксперыменту, партыя Spectre - гэта цалкам таталітарная канцэпцыя. У прынцыпе, Spectre функцыянуе незалежна ад дзяржавы NSK, але яны таксама могуць пераплятацца, і з цягам часу партыя можа фактычна стаць ядром універсальнай дзяржавы.

Такім чынам, арганізацыя NSK больш не існуе, існуе толькі дзяржава NSK. Час ад часу праходзяць некаторыя выставы, якія закранаюць ці абмяркоўваюць ідэі гістарычнага руху NSK, а таксама праекта дзяржавы NSK, часам нас запрашаюць далучыцца да іх у якасці гасцей, а часам не. І гэта добра, бо дзяржава NSK у прынцыпе павінна мець магчымасць існаваць незалежна ад LAIBACH, таксама як і ад іншых заснавальнікаў арганізацыі NSK і дзяржавы NSK. 


Ці магчымая працэдура паскоранай выдачы пашпартоў дзяржавы NSK грамадзянам Беларусі ў сувязі са складанай палітычнай абстаноўкай у рэгіёне?

Каб пакінуць Беларусь, структуры NSK не патрэбны. Патрэбны надзея і вера, давер, калектыўная і індывідуальная мужнасць. А таксама Сіла, якая дапаможа знішчыць Зорку Смерці і стварыць Рэспубліку па вашых уласных жаданні і памкненнях.

Хтонiк`zine, Беларусь

93

1 комментарий:

  1. Пиздецъ как концептуально на стиле. Порой смахивает на шизу. Интриганы!

    ОтветитьУдалить